Архив новостей - Отдел образования, спорта и туризма Столинского райисполкома

Архив новостей

24.01.2018

Нам ёсць кім і чым ганарыцца

Вось насамрэч дзівосны палескі край! Кожны куточак хавае цікавыя таямніцы. А колькі герояў узгадавала наша зямля! Пацвяржэннем гэтага стаў раённы краязнаўчы конкурс “Непаўторны Столінскі раён”, прысвечаны памяці Міхаіла Уладзіміравіча Шэлехава – пачэснага жыхара Давыд-Гарадка, ветэрана вайны, выдатніка адукацыі СССР.

Праходзіць ён ужо другі год на базе сярэдняй школы № 2 г. Давыд-Гарадка і збірае вучняў школ раёна, якія разам з кіраўнікамі рыхтуюць навукова-даследчыя работы. На гэты раз на суд журы былі прадстаўлены 18 работ з 16 устаноў адукацыі.

Вітала ўсіх загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета і старшыня журы Валянціна Аляксандраўна Грэчка.

Свой відэазварот удзельнікам конкурсу даслаў Георгій Марчук – пісьменнік, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, а таксама з прывітальным словам завочна звярнуўся Міхаіл Шэлехаў – пісьменнік, журналіст, сцэнарыст, сын Міхаіла Уладзіміравіча  Шэлехава, памяці якога  прысвечаны конкурс.

Яны нагадалі вучням аб неабходнасці захавання духоўнай спадчыны і пажадалі поспехаў у будучыні.

Далей усе ўдзельнікі былі падзелены на тры секцыі, у кожнай з якіх прадстаўлялі свае работы з дапамогай відэапрэзентацый.

Многа работ было прысвечана ваеннаму мінуламу нашага раёна. Вялікую работу правяла вучаніца Рамельскай сярэдняй школы Настасся Сеген, якая разам са сваім кіраўніком бібліятэкарам школы і маці Вольгай Леанідаўнай Сеген па крупінках узнаўлялі біяграфію свайго славутага продка – прапрадзядулі Мікалая Пятровіча Дабрынца, які загінуў у гады вайны.

Яго лёс, як і многіх жыхароў нашага раёна, абарвала вайна. Пайшоў на фронт ён у 1944 годзе, калі ў сям’і ўжо гадавалася дачка Настасся, а другім дзіцяткам была цяжарная жонка Алена. Так і не пабачыў сынок Мікалай свайго бацьку, які аддаў жыццё за мірнае неба над яго галавой. Пахавальная прыйшла 3 студзеня 1945 года і доўгі час нашчадкі не ведалі, дзе спачывае іх герой. І гэтая несправядлівасць не давала спакою сям’і Настассі.

Пошук пачаўся з сайта “Подзвіг народа”. Аказалас, Мікалай Дабрынец быў накіраваны ў 202 гвардзейскі полк 68 гвардзейской стралковай Праскураўскай Чырвонасцяжнай дывізіі. У баі за валоданне чыгункай  у раёне вёскі Дунахарасці прадмесця горада Будапешта першым уварваўся ў траншэі праціўніка і знішчыў шэсць фашыстаў, а таксама ўдзельнічаў у адбіванні трох контратак немцаў. Быў моцна паранены і загінуў 21 лістапада 1944 года. Пахаваны на могілках вёскі Буддзі, што ў Венгрыі. Узнагароджаны медалём “За адвагу”, а таксама прадстаўлены да ордэна “Чырвоная звязда”. І Насця і Вольга Леанідаўна выказалі сваю мару – пабываць на магіле свайго прапрадзядулі, які так і не пабачыў, як растуць яго дзеці, унукі і праўнукі.

Вельмі цікавай была работа Уладзіславы Мазоль – вучаніцы 5 “А” класа сярэдняй школы № 1 аг. Альшаны, кіраўніком якой была яе бабуля Ганна Уладзіміраўна Мазоль. Аднойчы падчас веласіпеднага падарожжа яна заўважыла старэнькую хатку, каля якой расла вялікая елка. Пацікавілася ў маці: чаму аказалася нікому не патрэбна гэтая хата? Вельмі трагічным аказаўся лёс яе былых жыхароў. Калісьці да вайны ў ёй жыла вялікая сям’я Ярмолічаў. Працавалі на зямлі, гадаваліся дзеці. Трагедыя здарылася ў кастрычніку 1942 года, калі каля сцен гэтага дома былі расстралялы чацвёра дзяцей гэтай сям’і: 22-гадовы Рыгор, 17-гадовы Іван, 16-гадовая Аляксандра і 13-гадовы Васіль. Што адчувалі ні ў чым не вінаватыя людзі? Якія былі іх апошнія думкі? Пахаваны яны ўсе на могілках, а адзін з уцалеўшых братоў пасадзіў елку на тым самым месцы. Вось і расце яна дзесяцігоддзі як сімвал непакорнасці беларускага народа.

Абедзьве дзяўчынкі сталі ўладальніцамі дыпломаў I ступені. На гэтую ж тэму была падрыхтавана работа вучня Харомскай сярэдняй школы Дзмітрыя Гапко (кіраўнік Андрэй Іванавіч Сямейка), якія расказаў пра ўраджэнца вёскі Угалец, ветэрана вайны Івана Андрэевіча Місюру.    

Таксама дыпломамі Iступені ўзнагароджаны вучань Рамельскай сярэдняй школы Данііл Вярэніч за работу “Рамельская Паша Ангеліна” (жыццёвы шлях Таццяны Барысаўны Шпігановіч). Вырашыла асабіста прыняць удзел у конкурсе дырэктара Хатомельскай сярэдняй школы Іна Уладзіміраўна Мазоль, якая прадставіла нарыс “Дзве Галіны з-пад Мінска” і таксама стала першай.

Пераможцамі сталі вучаніцы Церабяжоўскай сярэдняй школы Ганна Козел і Алена Ліпская, якія пад кіраўніцтвам Ларысы Фёдараўны Лугіной падрыхтавалі работу на тэму “З песняй у сэрцы. Жыццё і творчасць Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі”. У рабоце расказваецца не толькі пра творчы шлях знакамітага земляка, беларускага фалькларыста, выканаўцу народных песень, збіральніка і папулярызатара твораў нацыянальнай вусна-паэтычнай творчасці. Расказалі дзяўчаты пра Васіля Дзмітрыевіча як пра звычайнага чалавека, сем’яніна, мужа, бацьку. Былі прыведзены водгукі яго сяброў, калег, сваякоў, аднавяскоўцаў. Дапоўнена работа архіўнымі фотаздымкамі, відэапрэзентацыяй. Асабліва хочацца адзначыць, што работа выканана на роднай беларускай мове, якую так шанаваў знакаміты фалькларыст.

Дыпломамі IIступені ўзнагароджаны вучаніцы сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка Цубер Наталля за работу “Тэма малой радзімы ў творчасці Г. Марчука” (кіраўнік Людміла Канстанцінаўна Казялко) і Валерыя Стасько за работу “Агляд па велападарожжах”(кіраўнік Генадзь Рыгоравіч Басавец). Патрэбна дадаць, што работы вельмі змястоўныя, таму члены журы прапанавалі ў наступным годзе прыняць удзел у абласным этапе. Таксама дыпломы IIступені атрымалі вучні Лядзецкай ВВК яслі-садок сярэдняй школы Юлія Грышкавец за работу пра цімураўцаў (кіраўнік Людміла Уладзіміраўна Скрабец),  Аляксей Шыкунец і Уладзіслаў Антановіч за работу “Выпрабаванне Мюнхаўзенам” (кіраўнік Святлана Рыгораўна Царык), вучаніца Хатомельскай сярэдняй школы Вера Вабішчэвіч, якая падрыхтавала відэафільм “Их устами говорит история” (кіраўнік Іна Аляксандраўна Мазоль). Таксама дыпламантамі IIступені сталі Аляксандр Каляда і Дзіяна Разановіч – вучні сярэдняй школы № 2 г. Століна, якія падрыхтавалі работу “ А памяць людская жыва” (кіраўнік Жанна Іосіфаўна Домніч). Яна прысвечана поздвігу ўчастковага інспектара Столінскага РАУС, лейтэнанта міліцыі Міхаіла Арсенцьевіча Вярэніча.

“У красавіку 1979 года ў Столінскім раёне была вялікая паводка. Клапот ва ўчастковага інспектара міліцыі Альшанскага і Рамельскага сельскіх Саветаў Міхаіла Вярэніча было многа. Аднойчы ён прымаў удзел ў перавозцы людзей, якія апошнім рэйсам вярталіся дадому. Раптам машыну рэзка кінула набок і яна стала перакульваецца. Пачуліся крыкі аб дапамозе. Міхаіл Арсенцьевіч кінуўся ратаваць людзей і загінуў сам. Яго знайшлі толькі праз год рыбакі…”

Аб гераічным учынку не забылі. Удзельнікі конкурсу выказалі сваю прапанову назваць адну з вуліц Альшан, дзе трагічна загінуў Міхаіл Вярэніч, іменем героя.

І нарэшце Дыпломамі IIIступені ўзнагароджаны Вікторыя Вандзіч і Ілья Яхнавец з сярэдняй школы № 3 г. Століна – работа “Профессия по наследству” (кіраўнік Аксана Леанідаўна Шпакоўская), вучаніца Стружскай сярэдняй школы Кацярына Шынкарэвіч – работа “Усім вядомая прафесія, ці ў кожнага быў настаўнік” (кіраўнік Алена Аляксандраўна Крывапуст), вучаніцы сярэдняй школы № 2 аг. Альшаны Ірына Логвінка і Яна Шмат – тэма работы “Родословная семьи Михаила Владимировича Шелехова» (кіраўнік Іна Васільеўна Леська),   вучаніцы сярэдняй школы № 1 г. Давыд-Гарадка Валерыя Шэлест і Настасся Коўка – работа “О чём расскажут обелиски” (кіраўнік Валянціна Рыгораўна Хілінская), вучаніца Плотніцкай сярэдняй школы Кацярына Каспяровіч – работа “Народные игры и забавы агрогородка Плотница” (кіраўнік Алена Пятроўна Вараб’ёва).

Харызматычным было выступленне вучняў Беражноўскай сярэдняй школы Аляксандра Лысюка і Алены Грышкавец, якая выканала песню і пакарыла журы сваім голасам. Яны прадставілі журы відэафільм “Славутасці аг. Беражное” (кіраўнік Ганна Канстанцінаўна Рыбак)і таксама атрымалі дыплом IIIступені.

Усім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты. А члены журы павіншавалі пераможцаў і прызёраў і выказалі пажаданне ў наступным годзе бачыць яшчэ больш канкурсантаў. А таксама падзякавалі кіраўніцтву сярэдняй школы № 2 Давыд-Гарадка за цёплы прыём і арганізацыю мерапрыемства. Трэба нагадаць, што конкурс набыў статус традыцыйнага, таму жадаючыя прыняць удзел могуць рыхтавацца да студзеня наступнага года.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара